TRANSLATE Переводчик |
Была зiма снежная ды лютая...
Пра халады, што выпала перажыць нашым продкам 300—400 гадоў таму
Артыкул апублікаваны ў газеце "ЗВЯЗДА" 4.02.2010 г.№ 20 (26628)
Спасылка на газетны артыкул: <Газета "Звязда" http://www.zviazda.by/ru/archive/article.php?id=52607&idate=2010-02-04
Пры выкарыстанні - спасылка абавязковая!
Паводле паведамленняў сiноптыкаў, такi ж халодны, як сёлета студзень, быў у 1987 годзе. А на пачатку лютага за адзiн дзень у шмат якiх рэгiёнах Беларусi выпала амаль палова месячнай нормы снегу, таўшчыня якога даходзiла да паўметра. Многiя могуць узгадаць марозныя i снежныя зiмы 1970-х гадоў i ранейшага часу. Падумалася: а што на гэты конт пiсалi беларускiя летапiсы i хронiкi? Пагартаем iх старонкi...
Найбольш iнфарматыўнай у гэтым пошуку з'яўляецца "Баркулабаўская хронiка". Яе аўтар, мясцовы праваслаўны святар, добра ведаў i адчуваў жыццё i клопаты так званых простых людзей. З вялiкiм болем i суперажываннем апiсаў ён падзеi, што выпалi мясцовым людзям на пераломе ХVІ—ХVII стагоддзяў. Прапусцiм у гэтым даследаваннi ўзгаданыя iм войны, эпiдэмii, летнюю спёку i iншыя няшчасцi — прывядзём прыклады анамальных халадоў.
Адным з такiх халодных гадоў быў 1585-ы. Тады, як пiша аўтар, "Гаспод Бог вялiкае мноства страшных i вялiкiх цудаў пажадаў паказаць: град i перуны вялiкiя, засуха, маразы цi не ўвесь год былi ў Лiтве. Ад вялiкiх маразоў жыта ў полi пасохла, а мноства дамоў паноў шляхетных ад вялiкiх перуноў пагарэла, зiмой жа ад маразоў i завiрух загiнула на дарогах вялiкае мноства жабракоў i купцоў".
Такiя халодныя зiмы, як сведчыць аўтар хронiкi, былi ў той час не рэдкасцю. Найбольш iх выпала на самы пачатак ХVII стагоддзя. Працытуем на мове арыгiнала: "Року 1600. Того року была зима люта и снежная", "Того ж року (1601. — М.Г.) была зима злая, снеги великие и сильные были морозы. Многим людем поморозило кому ногу, кому палцы, другому вид: уши, нос; а другие з морозу померли".
Халодныя зiмовыя месяцы —з'ява ўсё ж зразумелая. Нашмат больш перажывае аўтар за людзей, якiя трапiлi пад анамальнае надвор'е ў iншыя поры года. Часам зiмовыя халады прыходзiлi вясною. У 1587 годзе "была зiма вельмi снежная, з моцнымi маразамi, ды вялiкiмi завеямi. Гэтакая ж i вясна была вельмi няўстойлiвая, рэдкi дзень мiнаў без снегу, аж да святога Юр'я". Вельмi нядобрым, па словах аўтара, быў 1597 год — "Былi хваробы ўсялякiя, шматлiкiя, вялiкiя. Зiма была снежная ды лютая, на санях ездзiлi пасля Вялiкадня яшчэ два тыднi". (А Вялiкдзень, як мне ўдалося высветлiць, быў у той год 6 красавiка. — М.Г.). У 1602 годзе "на дзесятым тыднi ў Вялiкi чацвер быў страшны мароз. Што было кветак — то ўсё памарозiў. Пачатак быў грозны, а канец — слёзны. Усю агароднiну — капусту, буракi, цыбулю, мак, гарох, ячмень, яравую пшанiцу — мароз пабiў. Слёзна было бачыць гэтых галодных людзей, якiя толькi агароды пасеялi...". Холадна было i ў 1603 годзе: "...вясна была вельмi сцюдзёная, марозлiвая, аж да тыдня святога Фамы" (другi тыдзень пасля Вялiкадня, якi быў 4 мая. — М.Г.), i ў 1604 годзе — "...тады жыта ў квiтненнi мароз пабiў. Таксама агуркi ў квiтненнi мароз пабiў. На той час у гаспадарцы мала хто мог пахвалiцца агуркамi, хаця iх i добра даглядалi. Ягадаў, яблыкаў ды iншае садавiны мала засталося з-за вялiкiх дажджоў, маразоў i граду". Тут жа аўтар запiсвае цiкавую звестку, што "расказвалi, быццам бы сярод лета ў Маскве быў вялiкi снег i мароз, некалькi тыдняў на санях летам ездзiлi".
У некаторыя гады зiма пачыналася занадта рана i таксама прыносiла шмат шкоды i бяды гаспадарам. У 1587 годзе "не змаглi ўратаваць пасеваў ад вялiкiх маразоў, якiя пачалiся ад дня першай Святой Прачыстай". У 1600 г. "у самую восень насуперак звычаю 17 верасня ў аўторак з захаду ў нас былi вялiкiя грымоты i з усiх бакоў вельмi моцна грымела. Таксама i маланка блiскала. А ўначы быў вецер з марозам".
Анамальным выдаўся i 1601 год — "У тым жа годзе, 10 кастрычнiка, цэлы дзень iшоў моцны ды густы снег, выпаў на паўгалёнкi. Была i моцная бура... Ляжаў той снег два тыднi, ажно да Дзмiтраўскай суботы. Вялiкiя маразы скавалi Дняпро, i ездзiлi па iм быццам сярод зiмы..." Апiсваючы такое надвор'е, аўтар iзноў жа суперажывае людскому гору: "Тады пшанiцу, ярыну, авёс, грэчку, гарох ды ўсю гароднiну, усё, што было на палях несабранае, а таксама зжатыя копы пазамятала снегам, было балюча i страшна глядзець i чуць уздыхi i плач людзей убогiх, аратаяў бедных. ... А потым пачалi жаць-гараваць па снезе ў сцюжу. Былi маразы вялiкiя, вогнiшчы раскладалi, самi грэлiся, аж страшна i балюча было глядзець...".
Знойдзем у "Баркулабаўскай хронiцы" i ўзгадванне цёплых зiм. Напрыклад, у 1588 годзе "...18 студзеня, пасля святога Афанасiя на трэцi дзень быў вялiкi дождж, аж снег сагнала. Было амаль як увесну: пастухi ў бор статкi пагналi пасвiць, а потым праз тры тыднi — зноў лютая зiма". Маласнежная зiма была ў 1598 годзе — "хоць рана стала, але дружна сышла". Пасля папярэднiх трох халодных зiмаў "у год 1604 на святога Васiля, iнакш кажучы — на Новы год, была зiма вельмi добрая, пагодлiвая да вялiкага посту. А потым на пятым тыднi вялiкага посту снег з дажджом быў вялiкi, ажно Дняпро разлiўся i снег сагнала...".
Чытаючы гэтую хронiку, можна заўважыць, што пасля халодных зiмаў у той жа год летам была або вялiкая спёка, або моцныя навальнiцы з градам.
Анамальныя халады, як усё ж нязвыклая з'ява, траплялi на старонкi i iншых хронiк. Навагрудскi падсудак Фёдар Еўлашоўскi запiсаў у сваiм "Дзённiку": "Року 1594, мая 20, в пяток, припадла хмура сроде зимна, спустила снег велкий и лежал три дни. Помарло от тэй хмуры и зимна и ветру кгвалтовного сила людей, по трою индэл вэспол, а не мокгли собе помочи. Птаства по гнездах, самэм видял, барзо веле поздэхлых. Страх был и под дахэм седячи".
"Вiцебскi летапiс" паведамляў, што ў 1570 годзе "з-за доўгай i цяжкай зiмы людзi з лiсця рабiлi сабе ежу i елi трупы, iшлi ў лясы на з'ядзенне звярам...". Засведчыў летапiсец таксама "галодную i марозную" зiму 1601 года.
Халодную зiму адзначыла i "Магiлёўская хронiка". Здаецца, там толькi раз узгадваецца пра надвор'е — вiдаць, гэта была значная падзея для горада — "Год 1709. У гэтым годзе была лютая зiма, стаяла доўга, снягi былi невыносныя i нечувана вялiкiя, што не толькi звяр'ё, птаства, але i людзi на дарогах мерзлi".
Вось такiя халады выпала перажыць нашым продкам 300—400 гадоў таму. Дык хiба ж ёсць нешта анамальнае сёлетняй зiмою?
Мiкалай ГАЙБА, дырэктар Дома-музея Адама Мiцкевiча
г. Навагрудак.
P.S. Выкарыстаныя аўтарам дакументы:
Баркулабаўская хроніка// Беларускія летапісы і хронікі: Пер. Са старажытнарускай, старабеларус. І польск. /Уклад. У.Арлова; прадм. В.Чамярыцкага. – Мінск: “Беларускі кнігазбор”. 1997. - С. 178-256. (432с.)
Баркулабаўская хроніка// Старажытная беларуская літаратура: Зборнік /Уклад. Л.С.Курбека. – Мінск, Юнацтва, 1990 – С. 194-232. (350 с.))
Успаміны Ф.Еўлашоўскага// Старажытная беларуская літаратура: Зборнік /Уклад. Л.С.Курбека. – Мінск, Юнацтва, 1990 – С. 232-261. (350 с.)
Віцебскі летапіс// Беларускія летапісы і хронікі: Пер. Са старажытнарускай, старабеларус. І польск. /Уклад. У.Арлова; прадм. В.Чамярыцкага. – Мінск: “Беларускі кнігазбор”. 1997. - С. 257-280. (432с.)
Магілёская хроніка// Беларускія летапісы і хронікі: Пер. Са старажытнарускай, старабеларус. І польск. /Уклад. У.Арлова; прадм. В.Чамярыцкага. – Мінск: “Беларускі кнігазбор”. 1997. - С. 281-390. (432с.)
Baaza.ru - Каталог сайтов и баз данных. История
|
Novogrudok. 2004-2012. © Все права защищены.