Гайба Мікалай. На ўшанаванне памяці земляка//”З краю Навагрудскага…” (малая айчына ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча): зб. навук. прац /пад рэд. праф. С.П.Мусіенкі.-Гродна: ГрДУ, 2006. - С. 378-381.
Пры выкарыстанні - спасылка абавязковая
Мікалай Гайба
На ўшанаванне памяці земляка
(Гісторыя стварэння помнікаў Адаму Міцкевічу ў Навагрудку)
Вялікі І-В.Гётэ казаў: «Wer dem Dichter will verstehen, muss in Dichter´s Lande gehen» [1, с.67] («Хто зразумець паэта хоча – ў яго край павінен крочыць» - пераклад мой – М.Г.). І гэта правільна! У кожнага з нас ёсць свая малая радзіма, і толькі ў ёй можна лепш адчуць і зразумець душу творчага чалавека. Прырода, гісторыя, фальклор Навагрудчыны сфарміравалі рамантычны талент Адама Міцкевіча. Ён праз усё сваё жыццё імкнуўся на сваю радзіму. І хаця не змог сюды вярнуцца, уславіў яе сваімі творамі. Сёлета 150 гадоў з дня смерці Адама Міцкевіча. І на працягу гэтага часу кожнае новае пакаленне жадала далучыцца да творчай спадчыны нашага славутага земляка, імкнулася належным чынам увекавечыць яго памяць. На Навагрудчыне ўжо нямала зрабілі для ўшанавання памяці свайго знакамітага земляка. Галоўная вуліца Навагрудка носіць імя Адама Міцкевіча. Сёння на ёй размешчаны адміністрацыйныя будынкі, вядучыя прамысловыя прадпрыемствы, пражывае некалькі тысяч людзей. Імем Міцкевіча названа аграпрамысловае прадпрыемства ў раёне, у яго гонар ўстаноўлены два помнікі, працуе Дом-музей паэта.
Праўда, скульптурныя помнікі А.Міцкевічу з’явіліся ў Навагрудку адносна нядаўна – у апошняй чвэрці 20-га стагоддзя.
Спробы навагрудчан устанавіць у горадзе помнік паэту рабіліся і раней, аднак сёння яны мала каму вядомы і не асветлены ў беларускай гістарычнай літаратуры. Сам Адам Міцкевіч некалі казаў: «Калі за што, дык за «Пана Тэдэвуша» навагрудчане павінны паставіць мне помнік...». У вершы «Exe munimentum aere perennius…» («Я помнік узнёс...» (1833г.)) ён напісаў: «Бо ад Панарскіх гор і ковенскіх нябёс/ Далей за Прыпяць люд імя маё панёс/ Чытае дружна Мінск, Наваградак мяне,/ Мой верш перапісаць юнак не праміне» [2, с. 183] – тым самым як бы акрэсліваючы, куды, ў першую чаргу, накіравана яго творчасць.
Першая спроба ўстанаўлення помніка адносіцца да канца 1860 года. У Нацыянальным архіве захоўваецца цікавая для нас справа: «Дело относительно ходатайства о дозволении соорудить памятник после кончины польского поэта Адама Мицкевича». [3]. Пачынаецца яна пісьмом Навагрудскага павятовага прадвадзіцеля дваранства Уладзіслава Брахоцкага ад 16.11.1860г. на імя Мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства, дзе сказана: «Памешчыкі Навагрудскага павета і жыхары г. Навагрудка жадаючы ўвекавечыць памяць свайго суайчынніка, вядомага сваім геніем у еўрапейскай літаратуры паэта Адама Міцкевіча, просяць майго хадайніцтва прасіць дазволу Урада на ўзвядзенне ў горадзе Навагрудку (месцы нараджэння Міцкевіча) ў гонар яго помніка і адкрыцця на гэты конт для добраахвотнай складкі публічнай падпіскі. Беручы пад увагу, што Вы дазволілі выданне твораў Адама Міцкевіча, я лічу сваім абавязкам прадаставіць гэтае жаданне Навагрудскай шляхты з пакорнейшай просьбай перадаць па начальству, куды належыць, хадайніцтва на здзяйсненне гэтага праекта». Праз месяц падобны па зместу тэкст быў накіраваны ад імя упраўляючага Мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства Мінскаму грамадзянскаму губернатару з просьбай аказаць садзеянне. Атрымаўшы пісьмо, апошні ўвайшоў з прадстаўленнем да міністра ўнутраных спраў. Адказ міністра прыйшоў даволі хутка. 8 лютага 1861г. ён уведаміў Мінскага грамадзянскага губернатара, што «нашел неудобным» (так у дакуменце – М.Г.) уваходзць ва Урад з прапановай аб дазволе на будаўніцтва ў г.Навагрудку помніка.
Адмову міністра можна зразумець, улічваючы тагачасную няпростую палітычную сітуацыю. У тым жа лютым месяцы 1861г., праз некалькі дзён, было аб’яўлена аб адмене прыгоннага права, якое падавалася урадам, як вызваленне ад улады польскіх паноў і прывяло да пэўных сялянскіх хваляванняў. З другога боку, у шэрагу месцаў ужо ішла падрыхтоўка да ўзброенага паўстання (пачалося ў 1863г.): ствараліся тайныя склады зброі і правіянту, у касцёлах можна было пачуць польскія патрыятычныя песні і г.д. І факт узвядзення ў г.Навагрудку помніка А.Міцкевічу і адкрыццё дзеля гэтага публічнай падпіскі і ахвяраванняў маглі кансалідаваць праціўнікаў самадзяржаўя.
У самім Навагрудку тады ж узнікла яшчэ адна праблема з нагоды помніка, які меркавалася ўстанавіць на Замкавай гары або паблізу яе. Нейкі малады лекар А.К. здабыў права на частку гары і хацеў збудаваць там дом. Ужо пачваліся нават праектныя работы, і ніякія ўгаворы і пагрозы навагрудчан не прымусілі яго адмовіцца ад сваей задумкі. Падключылі прэсу. Як успамінаў Эдвард Паўловіч, тагачасны выкладчык мясцовай гімазіі, мастак і мемуарыст, ён апублікаваў артыкул, дзе звяртаўся да пачуццяў лекара, як паляка і патрыёта. У выніку такой публічнасці дом пабудаваны не быў, і, як піша аўтар, «гара, як п’едэстал чакала лепшых часоў, каб на ёй стаў помнік Адаму». [4]
У 1903г. у Навагрудскім Міхайлаўскім (былым дамініканскім) касцёле (дзякуючы намаганням старэйшай дачкі А. Міцкевіча Марыі) была ўстаноўлена памятная пліта з бронзавым бюстам А. Міцкевіча. Аднак у сілу канфесіянальных і іншых асаблівасцей жыцця гэтая памятная пліта не стала агульнадаступнай для агляду.
Чарговая спроба ўстанавіць «агульнагарадскі» помнік Адаму Міцкевічу ў Навагрудку адносіцца да 1940 года, калі адзначалася 85 гадоў з дня яго смерці. 3 снежня Савет народных камісараў БССР прыняў пастанову «Аб мерапрыемствах па азнаменаванню памяці польскага паэта Адама Міцкевіча». У пункце № 2 пастановы было запісана: «Збудаваць у г. Навагрудку на горцы Міцкевіча помнік паэту. У 1941 г. правесці конкурс на лепшы праект помніка». Невядома, ці быў распачаты конкурс, але неўзабаве пачалася вайна, і справа з пабудовай помніка ізноў адклалася на потым.
Заўважым, што названыя спробы адкрыцця помніка А.Міцкевічу былі прымеркаваны да гадавін з дня яго смерці. Навагрудчане дачакаліся помніка свайму земляку на навагрудскім узвышшы: ў 1975г. тут паўстала стэла з мазаічным партрэтам А. Міцкевіча (аўтар У. Грэк), а з 1992г. на гэтым месцы ўстаноўлены помнік работы В. Янушкевіча.
На сённяшні дзень ў розных краінах устаноўлена звыш 40 скульптурных бюстаў і помнікаў Адаму Міцкевічу. Апошні з іх быў адкрыты ў Адэсе ў верасні 2004 года.
Сёлетні год (2005 -М.Г.) адзначаны і шэрагам памятных дат, звязаных з са стварэннем Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку.
Першая спроба стварэння ў Навагрудку музея Адама Міцкевіча адносіцца да 1920 года (85 гадоў назад). Тагачасны орган мясцовай улады - Навагрудскі павятовы рэвалюцыйны камітэт выдаў 16 верасня 1920г. загад № 40, у якім адзначалася, што «у горадзе Навагрудку жыў некалі вядомы ўсяму свету вялікі польскі пісьменнік-паэт Адам Міцкевіч. Пасля яго застаўся дом, дзе ён некалі жыў, бібліятэка і інш.» і што «савецкая ўлада, з’яўляючыся носьбітам культуры і святла, памятае аб тых, хто на гэтай ніве працаваў і памяць аб іх, увекавечаную іх працамі, захоўвае і аберагае». У гэтым загадзе прадпісвалася тэрмінова (выдзелена мной – М.Г.) выселіць з дому жыхароў з прадастаўленнем ім кватэр, а «аддзелу народнай адукацыі тэрмінова прыступіць да арганізацыі ў гэтым доме музея або народнай бібліятэкі імя Адама Міцкевіча». [5, л.8]. Для гэтага, як сказана ў загадзе, неабходна сабраць усе, што ёсць у павеце кнігі і іншыя памяткі аб Міцкевічу і вызваліць дом ад мэблі і іншага начыння, якое не адносіцца да Міцкевіча. Як бачна, загад даволі канкрэтна вызначаў захады па заснаванню музея Адама Міцкевіча. Невядома, якія рэальна былі прыняты меры па выкананню гэтага загада – час быў неспакойны, і ўжо праз два тыдні, 1 кастрычніка 1920 г. у Навагрудак увайшлі польскія войскі.
Музей быў адкрыты пазней, і з гэтай нагоды сёлета маюцца яшчэ дзве юбілейныя даты. 10 мая 1930 г. (75 гадоў назад) добраахвотнае навуковае таварыства – Міцкевічаўскі камітэт, які працаваў пад апекай мясцовага ваяяводы, прыняў рашэнне аб стварэнні ў былым доме Міцкевічаў музея. (Быў адкрыты ў 1938 г., але ў чэрвені 1941 г., на жаль, разбураны нямецкай авіябомбай). Паўторнае адкрыццё Дома-музея А.Міцкевіча ў адбудаваным нанова будынку адбылося 26 лістапада 1955 года - 50 гадоў назад – і было прымеркавана да 100-годдзя з дня смерці А. Міцкевіча. Цяпер ў адноўленым Доме-музеі - чацвёртая па ліку экспазіцыя, адкрыццё якой адбылося 25 мая 2001 года.
Спіс літаратуры:
1. Цыт. па: Міцкевіч А. Санеты-Sonety / Уклад. У. Мархеля. Пер. з пол. У. Мархеля, І. Багдановіч. - Мн.: Полымя, 1988.
2. Міцкевіч А. Выбраныя творы: Перакл. з пол. / Адам Міцкевіч; Уклад., прадм. і камент. К. Цвіркі. – Мн.,: «Беларускі кнігазбор», 2003.
3. Фонды Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея: нв-2465 - нв-2468
4. Pawłowicz E. Wspomnienia: Studio-podroże – Lwow, 1887.
5. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. ф. 350, воп. 1, спр. 7.
Телеф.справочник г.Минска
|
История Беларуси: первоисточники Сайт любителям генеалогических изысканий
Беларуская электронная бібліятэка Гісторыя г.Ліды і інш. http://pawet.net
Коллекция словарей и энциклопедий ***Архивы Республики Беларусь