Янка Купала ў Навагрудку (1940 г.)
Першая публікацыя: М.Гайба. Дарога да Міцкевіча//Новае жыццё (г.Навагрудак) - 2007. - 07.07.2007. (а таксама "Літаратура і мастацтва. 2008.)
Пры выкарыстанні артыкула - спасылка абавязковая!
_____________________________________________________
У фондах Дома-музея Адама Міцкевіча захоўваецца цікавы дакумент - пісьмо вядомага беларускага пісьменніка Міхася Лынькова аб наведванні ім разам з Янкай Купалам нашага Дома-музея ў 1940 годзе. У той год у Савецкім Саюзе шырока адзначалася памятная дата - 85 гадоў з дня смерці Адама Міцкевіча. Я.Купала быў выбраны членам юбілейнай Беларускай і Усесаюзнай камісій па падрыхтоўцы мерапрыемстваў. Вядома ж, адбылася яго паездка на Навагрудчыну, да родных мясцін А.Міцкевіча. У сваім пісьме, напісаным 18 сакавіка 1972 годзе Міхась Лынькоў успамінае, што дабрацца да Навагрудка было цяжка, “дарога была надзвычай дрэнная. Шмат аб’ездаў. Дажджы расквасілі зямлю, машына, трапляючы ў глінянае месца, зверскі буксавала”. Не раз прыйшлося ім яе падштрухоўваць, а пры рэзкім рыўку “мы падалі, што называецца, з усіх чатырох у лужыну”. Ужо ў Навагрудку доўга чысцілі і сушылі адзенне. “Ня гледзячы на ўсе гэтыя не досыць прыемныя прыгоды, - працягвае М.Лынькоў, - Я.Купала не страціў добрага настрою, быў бадзёры, жыццярадасны і весела заяўляў, што для такога геніяльнага паэта, як Адам Міцкевіч, можна перанесці яшчэ больш цяжкія прыгоды і што цяпер не знойдзецца на свеце ніводнага чалавека, які пасмеў бы сказаць, што мы не любім Адама Міцкевіча…”
У Навагрудку пісьменнікі правялі нараду з кіруючымі работнікамі раёна. Як адзначае М.Лынькоў. Я.Купала “які не дужа любіў якія б там ні было адміністрацыйна-арганізатарскія функцыі, усё ж шчыра захапіўся абавязкамі члена камісіі, даваў багата парад, прапаноў і розных практычных указанняў”. У гэты ж дзень, а менавіта, 4 лістапада 1940 года, Янка Купала і Міхась Лынькоў наведалі музей А.Міцкевіча і пакінулі запіс у “Кнізе водгукаў”. (Сама даваенная “кніга”, на жаль, не захавалася, але тэкст запісу быў праз некаторы час апублікаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва”). Вось ён: “Прыемнае уражанне зрабіла на нас усё, што мы бачылі ў музеі вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча, слаўнага сына зямлі навагрудскай. Што зроблена - добра. Але багата і багата яшчэ трэба зрабіць, каб дастойна ўшанаваць памяць вялікага паэта, зрабіць гэта месца цэнтрам навуковага вывучэння і даследавання ўсіх крыніц і вытокаў паэзіі слаўнага і вялікага сына польскага народа. Шчыра ўпэўнены ў тым, што толькі цяпер, на вольнай навагрудскай зямлі, справа музея набудзе сапраўдны размах, і кожны чытач Міцкевіча - паляк, беларус, рускі, яўрэй будуць мець магчымасць у самым недалёкім будучым пазнаёміцца ў музеі з багатымі і разнастайнымі матэрыяламі аб жыцці і творчай дзейнасці любімага паэта.”
Тут варта заўважыць, што музей Адама Міцкевіча к таму часу працаваў толькі ўсяго два гады, і прапановы нашых пісьменнікаў былі, несумненна, карыснымі для музейных супрацоўнікаў, як, зрэшты, і для нас сёння.
Адзначу, што творчасць Адама Міцкевіча была для Янкі Купалы вельмі блізкай. Ужо ў пачатку сваёй творчасці Я.Купала выступіў, як перакладчык твораў А.Міцкевіча. Заўважце, свой першы верш “Мужык” Янка Купала апублікаваў у маі 1905г., а ўжо праз два месяцы з’явіўся беларускі пераклад паэмы “Тры Будрысы”. Потым былі іншыя пераклады, было творчае перайманне некаторых вобразаў, тэм і іншае. І гэта не выпадкова. Два паэты - паэты рамантыкі, абодва жылі на адной зямлі і шырока выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці традыцыйныя фальклорна-міфалагічныя вобразы беларускага народа. Абодва, перажываючы лёс Бацькаўшчыны, ўзняліся да статуса прарока.
Выступаючы ў тым жа 1940 годзе на юбілейным пасяджэнні ў Маскве, Янка Купала адзначыў, што “нямала бліскучых старонак у паэзіі Адама Міцкевіча напісана пад самым непасрэдным уплывам беларускай народнай творчасці”, “творы А.Міцкевіча - вечна жывыя і вечна свежыя”, як, безумоўна, і творы Янкі Купалы.
Мікалай Гайба,
дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча
Baaza.ru - Каталог сайтов и баз данных. История
|
Novogrudok. 2004-2012. © Все права защищены.