Першая публікацыя: Мікалай Гайба. Ішлі ў Навагрудак караваны з таварам //Гермес, 2006. №6. С. 10-11.
Пры выкарыстанні артыкула - спасылка абавязковая
Ішлі ў Навагрудак караваны з таварам
“Невялікі па сваіх памерах Навагрудак па знаходках прадметаў раскошы супернічае з праслаўленымі рускімі гарадамі, а ў шэрагу выпадкаў, з’яўляецца ўладальнікам унікальных рэчаў”, “…сюды цягнуліся своеасаблівыя караваны з рускімі і заморскімі таварамі”, - так пісала пра гандлёвыя сувязі горада даследчык старажытнага Навагрудка, археолаг Фрыда Гурэвіч у кнізе “Древний Новогрудок” (1981г.).
Як засведчылі археолагі, сталае паселішча ўзнікла тут 1000 гадоў назад, яно было заснавана дрыгавічамі ў канцы 10ст., а з сярэдзіны 11ст. – Навагрудак – гэта ўжо горад з усімі ўласцівымі яму функцыямі. (Першае, верагоднае упамінанне ў летапісах – 1044 год).
У 12 – першай палове 13стст. Навагрудак, знаходзячыся ўдалечыні ад тагачасных ваенна-палітычных падзей, звязаных з Ноўгарадам, Полацкам, Кіевам, стаў месцам шырокіх гандлёвых сувязей, шмат ў чым унікальных для ўсёй Усходней Еўропы. Сюды прывозіліся тавары з Кіеўскай зямлі і Прычарнамор’я, Візантыі і Блізкага Усходу, Ірана і Сярэдняй Азіі, Прыбалтыкі і Скандынавіі. Краін Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы. Спецыфікай Навагрудка 12ст. былі яго поўнакроўныя сувязі з Візантыяй і Блізкім Усходам. Тут знойдзены (рэдкія і для таго часу) візантыйскія каляровыя тонкасценныя шкляныя кубкі, флаконы, чашы, распісаныя золатам і эмаллю, іранскія фаянсавыя чашы, посуд з арабскімі надпісамі, шаўковы пояс і інш. Не мае сабе роўных калекцыя шклянога посуду кіеўскіх майстроў, а колькасць знойдзеных тут абломкаў амфар (больш за 2750) з паўночнага і заходняга Прычарнамор’я, увогуле, найбольшая з усіх даследаваных усходнеславянскіх гарадоў. Адкуль такое багацце? Акрамя “нармальных” гандлёвых аперацый, не выключана, што навагрудскія купцы мелі пэўныя кантакты з крыжакамі, якія рабавалі краіны Блізкага Усходу ў час сваіх “крыжовых паходаў”. Якімі шляхамі трапляў імпарт у Навагрудак? Калі абагульніць, то прывозіўся ён воднымі шляхамі да Нёмана і Прыпяці, адтуль – сухапутным шляхам, хаця дарог тады, у сучасным разуменні гэтага слова, яшчэ і не было. У чыіх руках быў гандаль? У Навагрудку гэта маглі быць купцы з асяроддзя ювеліраў. Быў тады ў горадзе багаты квартал золатакавалёў, што таксама ўнікальная з’ява таго часу. Жылі золатакавалі ў вялікіх багатых дамах, дзе і апрацоўвалі золата, а потым разязджалі са сваімі залатымі вырабамі па аддаленых землях, прадаючы свой тавар і набываючы ўзамен іншыя дарагія рэчы.
З 12ст. Навагрудак (Новагародак) – цэнтр удзельнага княства, а пазней “Новагародскай зямлі”. Цікава, што па нейкіх прычынах, да сярэдзіны 13ст. такі багаты горад практычна не ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах. А ў гэты час тут, на заходнебеларускіх і паўднёвалітоўскіх землях пачынае фарміравацца новая дзяржава – Вялікае княства Літоўскае. І з канца 1240-х гадоў за Навагрудак пачынаецца шматгадовая барацьба літоўскіх і галіцка-валынскіх князёў. І цяпер зразумела, што гэта была барацьба не толькі за тэрыторыю, а за права валодаць багатым горадам. У выніку гэтых ваенных падзей, Навагрудак страціў сваё гандлёвае значэнне, аднак, стаў палітычным цэнтрам новай дзяржавы – ВКЛ.
У познім сярэднявеччы развіццю гандлю ў Навагрудку спрыяла атрыманне горадм у 1511г. Магдэбургскага права. А ў 1597г. прывілеем вялікага князя Жыгімонта ІІІ гораду было дазволена праводзіць 2 штогадовыя кірмашы на каталіцкія святы: Тры Каралі і Тройцу.
Найбольшае распаўсюджванне кірмашовы гандаль у Беларусі атрымаў у канцы 18 – першай палове 19 стагоддзяў – колькасць кірмашоў дасягала 350-ці. Значным кірмашом быў Кантрактавы кірмаш у Навагрудку. Тут заключалі розныя дагаворныя здзелкі, арэндныя кантракты на памесці, дагаворы і ўмовы продажу і пакупкі маёнткаў і інш. Паралельна з гэтым ішоў гандаль шаўковымі і баваўнянымі тканінамі, посудам, бакалеяй, рыбай, ікрой, сельскагаспадарчымі прыладамі. Адным з буйнейшых у Мінскай губерні (куды Навагрудак увайшоў з 1843г.) тут быў гандаль хатняй жывёлай і коньмі. З замежных тавараў на гэтым кірмашы сустракаліся: турэцкі табак, французскае віно, кітайскі чай і інш. У 1840-х гадах абарот Кантрактавага кірмашу дасягаў звыш 70 тыс. рублёў срэбрам, што было вышэйшым паказчыкам сярод іншых павятовых кірмашоў губерні. І ў пачатку ХХ ст. Навагрудскі Кантрактавы кірмаш заставаўся ў ліку 60 буйнейшых у Беларусі.
Кірмаш быў не толькі месцам продажу тавараў, але і месцам, як бы сказалі сёння, масавых гулянняў. Ураджэнец гэтай зямлі, будучы славуты паэт і грамадскі дзеяч Адам Міцкевіч пісаў: “Колькі тут цікавых твараў і сюжэтаў, што даюць шмат смеху і шмат пытанняў для роздуму”. Яго родны брат Францішак, успамінаў, што ў “старасвецкі” час “у горадзе быў вялікі рух: карэты, дарожкі безупынна грымелі па бруку, ці з этыкету, ці па патрэбе, ці аддаючы адзін другому прызначаныя візіты. Дамы ўбраныя ў строі, хлопцы – галантныя... Прыехалі модніцы з Варшавы, Вільні, групы артыстаў, артыстак, звычайна нейкіх немцаў з Прусіі, Аўстрыі... Гэтыя даюць канцэрты, гэтыя скачуць, іншыя, наследуючы сілу Самсона, разбіваюць на жыватах цэнтняровыя камяні. Там паказваюць цуды на конях.. Нарэшце, балы, сустрэчы, гульні...”
З сярэдзіны 19ст. пашыраецца гандаль у крамах. У гэтым плане Навагрудак нічым асаблівым не вылучаўся. За наступныя 50 гадоў колькасць мясцовых крамаў павялічылася толькі з 84 да 101, у той час, як у іншых гарадах рост быў больш значным. Паўплывала на гэта і тое, што новыя шляхі зносін: чыгункі і інш. абыходзілі Навагрудак. Праўда, мясцовыя памешчыкі ў канцы 19ст. усё ж вывозілі сваю малочную прадукцыю ў Рыгу, Вільню, Прусію.
Ажыўленне гандлю наступіла ў 1920-я гады, калі Навагрудак, згодна ўмоў Рыжскага мірнага дагавору, быў уключаны у склад Польскай рэспублікі, стаўшы ваяводскім цэнтрам. З’явілася шмат прыватных магазінаў, рэстаранаў, гасцініц. З’явіўся і новы для Навагрудка спосаб прывабіць пакупнікоў – рэклама ў газетах. У горадзе друкавалася некалькі агульнаваяводскіх і мясцовых газет. У іх уладальнікі магазінаў, у прыгожа аформленых рэкламных аб’явах, заклікалі набываць у магазіных цукеркі, канцэлярскія тавары, прамысловыя вырабы і інш.
Штотыдзень на гарадской плошчы, якая з даўніх часоў насіла назву Гандлёвая (Рынкавая, Базарная) праводзіліся базарныя дні, у асноўным, прадуктамі сельскай гаспадаркі. Цікава, што базарны дзень раней быў у чацвер, а ў нядзелю базарны дзень быў недапушчальны – трэба было ісці ў царкву, касцёл. У 1955г. мясцовы райвыканкам “па просьбе працоўных” прыняў рашэнне “перанесці базарны дзень у г.Навагрудку з чацвярга на нядзелю – агульны для ўсіх працоўных выхадны дзень”. Як выглядаў базарны дзень і сама Гандлёвая плошча ў Навагрудку можна бачыць на шматлікіх фота 1930-х гадоў. На жаль, плошча і цэнтр горада былі практычна цалкам разбураны нямецкай бамбардзіроўкай у чэрвені 1941г. Сёння гарадскі (раённы) рынак размяшчаецца ў іншым месцы.
Пасля рэканструкцыі ў 1998г. гарадской плошчы і прылеглых да яе вуліц тут адкрыліся некалькі новых кафэ і прыватных магазінаў, што вельмі зручна для шматлікіх мясцовых і замежных турыстаў, якія прыязджаюць пазнаёміцца з гісторыяй старажытнага Навагрудка.