Публікацыі аўтара:
Адам Міцкевіч пакінуў землі Беларусі і Літвы ва ўзросце 25 гадоў. Пакінуў вымушана, і, як аказалася, назаўсёды. Але на працягу ўсяго яго жыцця Навагрудская зямля давала яму сілы і натхненне як у паэтычнай творчасці, так і ў грамадскай дзейнасці. «Будзь заўжды ўпэўнены, - пісаў Адам Міцкевіч брату Францішку ў 1847 г., - што яна [дзейнасць – М.Г.] бярэ пачатак з той глебы, на якой мы гадаваліся ў бацькоўскім доме». [15, c.110]
У дадзеным артыкуле засяродзім увагу на двух аспектах «навагрудскага жыцця Адама Міцкевіча», якія да нашага часу мала вывучаны ці выклікаюць спрэчкі. Першы – месца нараджэння А. Міцкевіча, і другі – характарыстыка Навагрудка на пачатак 19 ст., а, менавіта: знешні воблік горада, сацыяльны і этнічны склад яго жыхароў.
Гайба М.П. Навагрудскія старонкі жыцця Адама Міцкевіча // Творчество Адама Мицкевича и современная мировая культура: сб. науч. раб. / под ред. С.Ф.Мусиенко. - Гродно, 2010. - С. 15-23
Гайба Мікалай. Навагрудчына ў часы Адама Міцкевіча // Полымя. 2010. №12. - С.174-183
(Скачаць артыкул у часопісе можна тут - http://lim.by/limbyfiles/pol12_2010.pdf
Пры выкарыстанні публікацыі– спасылка абавязковая!
(Заўвага аўтара: у дадзенай публікацыі прапушчана частка артыкула аб месцы нараджэння А.Міцкевіча. Чытайце на гэтым сайце артыкул "Завоссе, як месца нараджэння Адама Міцкевіча" - М.Г.)
<...>
У 1799 г. пасля смерці бяздзетнага Базыля Міцкевіча Завоссе перайшло па спадчыне да Мікалая Міцкевіча. Туды пераехала сям’я. (Па іншай версіі, у Завоссі пастаянна жыла толькі яго жонка разам з дзецьмі). У 1801 г. Завоссе было здадзена ў арэнду, і сям’я перабралася ў Навагрудак, дзе здымала кватэру ў доме Данейкаў па вуліцы Яўрэйскай насупраць касцёла дамініканцаў. [11, с. 33] У 1804 г. Мікалай Міцкевіч купіў пры завулку Рацэўля (непадалёк ад гарадской плошчы) ўчастак зямлі, пабудаваў уласны дом, куды і перабраліся ў 1806 годзе. [11, с. 43] На гэты час у сям’і было пяць дзяцей: Францішак (1796 года нараджэння), Адам (1798 г. н.), Аляксандар (1801 г. н.), Ежы (1804 г. н.), Антоній (1805 г. н.).
А якім быў г.Навагрудак на той час? На сённяшні час гэтая інфармацыя мала вядома даследчыкам, а асноўнай крыніцай для біёграфаў А.Міцкевіча пры апісанні горада былі ўспаміны Францішка Міцкевіча, старэйшага брата Адама і кнігі-успаміны Эдварда Паўловіча.
Як сведчаць статыстычныя звесткі, Навагрудак на пачатку 19 ст. быў невялікім па сваіх памерах і па колькасці жыхароў гарадком. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Навагрудак пазбавіўся свайго ваяводскага статусу і стаў павятовым цэнтрам спачатку Слонімскай, потым Літоўскай (на час нараджэння Адама Міцкевіча), а з 1802г. - Гродзенскай губерні.
У 1803 г. тут жыло ўсяго 1108 чалавек, у 1811 – 2320 чалавек. [5, с.32 (табліца)] Трэба адзначыць, што гэтыя лічбы не заўсёды маглі быць поўнымі па прычыне недасканаласці тагачасных спосабаў уліку, але ў любым выпадку, на той час у Навагрудку не жыло 8 тыс. чалавек, як пісаў пазней у сваіх успамінах Францішак Міцкевіч. [16, с. 66]
Як адгалосак таго, што горад нядаўна быў ваяводскім цэнтрам, тут у 1803 г. жыло 490 дваран. Гэтая колькасць дваран была найбольшай сярод іншых гарадоў Гродзенскай губерні (уключаючы г.Гродна) як у абсалютных лічбах, так і ў працэнтных адносінах да агульнага ліку жыхароў. 72 жыхары былі залічаны да духоўнага саслоўя. Каля ста чалавек, з прыкладна 2000 жыхароў, былі ваеннымі. [5, с. 50-51 (табліца)]. У іх лік уваходзілі афіцэры і салдаты гарнізона, унутраная стража, а таксама члены сем’яў ваенаслужачых. Найбольшую колькасць жыхароў Навагрудка па сацыяльных групах складалі мяшчане (звыш 70%). Па роду заняткаў да іх маглі быць аднесены дробныя гандляры, рамеснікі, людзі, якія выконвалі розныя паслугі, а таксама артысты, мастакі і да г.п. Сярод іншых сацыяльных груп былі чыноўнікі, ваенныя, сяляне…
У сярэдзіне 1820-х гадоў амаль палову насельніцтва горада складалі яўрэі-іўдзеі - каля 900 чалавек. Столькі ж было і хрысціян, прычым праваслаўных і католікаў прыкладна аднолькава. (Чамусьці колькасць уніятаў у тагачаснай статыстыцы не ўказана – М.Г.). Каля 300 чалавек з’яўляліся татарамі-мусульманамі. [5, с.72 (табліца)]
Асаблівасць і ўнікальнасць знешняму выгляду г.Навагрудка надавала наяўнасць двух дамінант – Замкавай гары і гарадской плошчы. Кампазіцыйным цэнтрам горада была плошча. Пяцівугольная па форме, яна размешчаецца на высокім узгорыстым плато, адкуль добра відаць навакольныя лугі, палі і лясы, што стварае дададковы эфект невялікіх памераў Навагрудка. Абапал плошчы стаялі дамы членаў магістрата, земства, крамы і склады, за якімі ўзвышаліся франтоны касцёлаў і купалы цэркваў, ствараючы зрокава другі ярус забудовы. [2, c.65-66] У горадзе на пачатку 19 ст. налічвалася 5 касцёлаў, 6 кляштараў, 3 уніяцкія царквы, што сведчыла аб значнай ролі Навагрудка ў хрысціянскім жыцці беларускіх земляў. Старэйшай была Базыліянская (першапачатковая Барысаглебская) уніяцкая царква, заснаваная ў 12 ст. і перабудаваная ў 1517 – 19 гг. і ў пачатку 17 ст. Побач - мужчынскі і жаночы базыліянскія кляштары. Пад Замкавай гарой – фарны касцёл, заснаваны ў 1395 г. вялікім князем Вітаўтам, і перабудаваны ў 1712-1723гг. На вуліцы Францысканскай размяшчаўся францынсканскі касцёл з кляштарам. Цераз дарогу ад яго ўзвышаўся касцёл Дзевы Марыі заснаваны ў 1624 г., а побач дзейнічаў адзіны ў Беларусі жаночы кляштар дамініканак (1648-1654 г.). На адным з куткоў плошчы размяшчаўся касцёл дамініканцаў (1724 г) з кляштарам. На вуліцы Валеўскай, непадалёк ад плошчы і ад дома Міцкевічаў - уніяцкая царква св. Мікалая. На Уваскрэсенскай вуліцы - Уваскрэсенская уніяцкая царква. Былі ў Навагрудку яшчэ кляштар баніфратаў, будынак закрытага ўжо касцёла езуітаў, татарская мячэць, заснаваная ў 16 ст. і пабудаваная наноў у 1796 г., а таксама сінагога (1648 г.)
З плошчы, нібы прамяні разыходзіліся ў розныя бакі 8 вуліц: Францысканская, Базыліянская, Замкавая, Кавальская, Траецкая, Валеўская, Яўрэйская, Слонімкая. Забудова горада ішла, ў значнай ступені, стыхійна, прычым апераджальнымі тэмпамі вялося будаўніцтва каменных жылых дамоў. Калі у 1778 г. падарожнік У. Кокс, праязджаючы праз Навагрудак, запісаў, што горад «пабудаваны цалкам з дрэва, выключэннем з’яўляюцца 2 ці 3 дамы з цэглы», [10, c. 695] то ў 1815 г. тут было 9, а ў 1825 г. ужо 15 мураваных дамоў. На адным з вуглоў плошчы стаяў мураваня двухпавярховы будынак былога Радзівілаўскага палаца. Побач, цераз вуліцу, узвышаўся будынак гарадской ратушы - мураваны і двухпавярховы, над якім - трохпавярховая вежа з гадзіннікам і выявай уверсе постаці Міхаіла Архангела. У будынку ратушы на першым паверсе знаходзіліся каравульныя памяшканні і шынок, на другім – суд і архіў. У глыбіні двара - склады.
Яшчэ адной (пасля гарадской плошчы) дамінантай горада была Замкавая гара з рэшткамі некалі аднаго з наймагутнейшых на тэрыторыі Беларусі замка. У гады дзяцінства А.Міцкевіча ад былога замка захаваліся ў пашкоджаным выглядзе толькі тры вежы: Шчытоўка, Касцёльная і Дазорца. Але пра захаванне вежаў улады не клапаціліся. Больш таго, у 1802 г. генерал-губернатар Бенігсен дазволіў навагрудскаму гараднічаму разабраць замкавыя ўмацаванні з тым, каб раздаць цэглу бяднейшым людзям, а камяні выкарыстаць для брукавання вуліц горада. На Замкавай гары стаяла паўразбураная царква Успення Божай Маці (Замкавая). У ёй да 1775 г. праходзілі пасяджэнні Галоўнага Літоўскага Трыбунала. Тут знаходзілася і цудатворная ікона Маці Божай Навагрудскай (Замкавая). Пазней яна была перанесена ў капліцу пры царкве, а, прыкладна, на мяжы 18 – 19 ст. – у Базыліянскую (Барысаглебскую) царкву. Адтуль у 1915 г. ікона была вывезена на Украіну. [8, c. 360-361] З гэтай іконай звязаны выпадак з дзяцінства А. Міцкевіча, калі ён, выпаўшы з акна бацькоўскага дома, быў пэўны час без прыкмет жыцця, і толькі па малітве маці да Маці Божай навагрудскай “адкрыў змяртвелае павейка”.
Яшчэ адной памятнай мінулага Навагрудка была Гара Міндоўга, у якой згодна мясцовага падання, быў пахаваны са сваім залатым тронам заснавальнік Вялікага княства Літоўскага князь Міндоўг. У часы А. Міцкевіча на гары размяшчаліся хрысціянскія могілкі.
Закранём і такое пытанне – дзе пахаваны бацькі Адама Міцкевіча? Згодна запісу ў рэгістрацыйнай кнізе, яны былі пахаваны на дамініканскіх могілках у Навагрудку. [17, с. 405] Сёння ў горадзе няма могілак пад такой назвай. Польскі даследчык Яраслаў Марэк Рымкевіч, прааналізаваўшы розныя варыянты, мяркуе, што яны былі на Гары Міндоўга, ці побач [17, с. 408] Аднак, Вінцэсь Каратынскі ў сярэдзіне 19 ст. сцвярджаў, што «дамініканскаму касцёлу належаў і цяпер належыць крыху прыстойнейшы цвінтар на ўскрайку горада з каменнай, зараз закінутай капліцаю і некалькі прыгожых, літых з жалеза надмагільных помнікаў; побач, толькі ровам аддзеленыя ад яго, знаходзяцца праваслаўныя могілкі». [4, с.198.] Мяркуючы па гэтаму апісанню, сёння - гэта так званыя «старыя хрысціянскія могілкі» непадалёк ад гарадскога цэнтра ў паўднёвым накірунку. Пахаванняў Міцкевічаў там на сённяшні час не захавалася.
Узгадаўшы, што бацька А.Міцкевіча працаваў адвакатам, адзначым, што ў пачатку 19 ст. Навагрудак захоўваў, у пэўнай ступені, сваё былое значэнне ў судовай дзейнасці. Акрамя земскага і гродскага судоў тут праходзілі пасяджэнні апеляцыйнага суда Гродзенскай губерні. Справы разглядаліся па нормах Статута ВКЛ, які працягваў дзейнічаць на беларускіх землях да 1840 г. Перыядычна прыязджала ў Навагрудак моладзь з іншых паветаў для навучання і праходжання практыкі па дзяржаўнаму праву. Штогод у горадзе працавала 8- 10 адвакатаў.
Адміністрацыйную выканаўчую уладу ў павятовых гарадах, пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі ўзначальваў гараднічы. У Навагрудку гэтыя абавязкі ў пачатку 19 ст. выконваў маёр Скалон. Галоўным органам павятовай ўлады быў земскі суд, які адначасова выконваў адміністрацыйна-паліцэйскія і судовыя функцыі. Яго старшыня прызначаўся ўказам Сената, а засядацелямі былі прадстаўнікі ад мясцовай шляхты, якія выбіраліся на сейміках, што праводзіліся кожныя тры гады.
Разгорнутая характарыстыка Навагрудка ў першай чвэрці 19 ст., грамадскае і паўсядзённае жыццё горада таго часу раскрыта намі больш грунтоўна ў кнізе «Сэрцу мілая Айчына» (2008 г.) [3] Тут толькі зазначым, што ў Навагрудку Адам Міцкевіч атрымаў ў 1807-1815 гг. сваю школьную адукацыю. У школьныя часы прыйшло да яго першае паэтычнае прызнанне – пахвала ад настаўнікаў за паэму «Ода аб пажары», напісаную ў 1811 г. пад уражаннем гарадскога пажару, які знішчыў у Навагрудку 18 жылых будынкаў і ледзь не закрануў дом Міцкевічаў. Тут, на Навагрудчыне, зведаў А. Міцкевіч сваё вялікае каханне да Марылі Верашчакі, пасябраваў з Янам Чачотам, які аказаў значны ўплыў на яго творчасць.
Апошняе наведванне Навагрудка А.Міцкевічам адбылося летам 1821 г., калі ўжо не было ў жывых бацькоў, а каханая дзяўчына выйшла замуж за графа В. Путкамера.
Навагрудчына і беларуская зямля аддзячыла А.Міцкевічу сваёй нязменнай увагай да яго творчасці. Як адзначыў Адам Кіркор у кнізе «Живописная Россия” (1882г.): «Масы зразумелі паэта, адчулі генія, і мы памятаем той час, як не толькі куплялі нарасхват новыя выданні, але перапісвалі на сотні рук, пасылалі ў пісьмах у самыя аддаленыя месцы, у глухамань Беларусі, старыя і юнакі, арыстакраткі і шляхцянкі вывучвалі напамяць. Аб гэтым і была толькі размова ў гарадах, у панскіх дамах, на бедных хутарах шляхцічаў».
Спіс выкарыстанай літаратуры:
1. Анішчанка Я. Міля // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. / Беларус. Энцыкл..; Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. / Я. Анішчанка – Мінск, 1999. – 592 с.: іл.
2. Гайба М. Знешні воблік Навагрудка ў 19 ст. / М.Гайба // Наваградскія чытанні. Выпуск IV. / Навук. Рэд. В.Ф.Кушнер. – Мінск, 1996. С. 65-67
3. Гайба М.П. Сэрцу мілая Айчына: вобраз Радзімы ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча / М.П.Гайба. – Баранавічы, 2008. – 112 с.
4. Каратынскі В. Творы / Уклад., прадм. і камент. У. Мархеля. - 2-е выд.. дап. / В.Каратынскі - Мінск, 1994. – 406 с.
5. Лютый А.М. Социально-экономическое развитие Белоруссии в конце Х-первой половине ХХ века / Под ред. В.В. Чепко. / А.М.Лютый – Минск, 1987. – 181 с.
6. Мальдис А. Притягательная сила Парижа / А.Мальдис // Советская Белоруссия. 2008. – 1 августа.
7. Усэнка Л., Анісімава С. Дык дзе ж было Завоссе? / Л.Усэнка, С.Анісімава // Новае жыццё (г.Навагрудак). 1995. - 15, 19 чэрвеня.
8. Ярашэвіч А. Новагародскі абраз Маці Божай (замкавы) / А.Ярашэвіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2 / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. – Мінск, 2006. – 792 с.
9. Chłopicki E. Notatki z różnoczasowych podróży po kraju (Inflanty, Żmudź, Litwa, Pobereże / Chlopicki E. – Warszawa, 1863.
10. Coxe W. Podróż po Polsce. 1778 // Polska Stanisławowska w oczahc cudoziemców. T. 1 – Warszawa, 1963.
11. Dernałowicz M., Kostenicz K., Makowiecka Z. Kronika życia i twórczości Mickiewicza. Lata 1798-1824. / М. Dernałowicz - Warszawa, 1957. – 552s.
12. Korotyński W. Kilka szczegółów o rodzinie, miejscu urоdzenia i młodości Adama Mickiewicza / W. Korotyński - Wilno, 1861. – 14 s.
13. Krzywicki T. Szlakiem Adama Mickiewicza po Nowogródczyznie, Wilnie i Kownie. Wyd. III poprawionie i rozszeżone / Т. Krzywicki - Pruszków, 2006. – 328 s.
14. Kwestye sporne w życiorysie Adama Mickiewicza. Część 1a. / [Jan Siemieński] – Lwów, 1889. – 47s.
15. Mickiewicz A. Dzieła. Listy. T.XVI / A. Mickiewicz - Warszawa, 1955. – 572 s.
16. Pamiętnik Franciszka Mickiewicza / Mickiewicz F. - Lwów-Warszawa-Krakow, 1923. – 89 s.
17. Rymkiewicz J. Kilka szczegółów / J. Rymkiewicz J. – Krakow, 1994. – 427 s.
18. Rymkiewicz J. Miejsce urodzenia // Rymkiewicz J., Siwicka D., Wikowska A., Zielińska M. Mickiewicz: Encyklopiedia / J. Rymkiewicz. - Warszawa, 2001. – 688 s.
19. Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajow Słowiańskich. T.XIV. - Warszawa, 1895.
М.Гайба,
дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча.
Baaza.ru - Каталог сайтов и баз данных. История
Novogrudok. 2004-2012. © Все права защищены.